МЕ́ДНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

адзін з відаў мікраўгнаенняў, які мае ў якасці мікраэлемента медзь у даступным для спажывання раслінамі выглядзе. У раслінах медзь уваходзіць у састаў ферментаў, удзельнічае ў працэсах дыхання; у аптымальных канцэнтрацыях паскарае рост і павышае ўстойлівасць раслін да засухі і захворванняў. Найб. пашыранае М.ў. — медны купарвас CuSO4 5H2O мае 25,4% медзі, добра раствараецца ў вадзе (гл. Медзі злучэнні). Выкарыстоўваюць пераважна на асушаных тарфяна-балотных, пясчаных і супясчаных глебах пад пшаніцу, ячмень, авёс, цукр. буракі, гарох, злакавыя травы, водныя растворы — для перадпасяўной апрацоўкі насення і пазакаранёвай падкормкі.

Р.У.Васілюк.

т. 10, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)